КО́БРЫНСКАЕ КНЯ́СТВА феадальнае княства ў бас. рэк Мухавец і Кобрынка. Цэнтр — г. Кобрын. Узнікла каля 1404 пасля падзелу ўладанняў кн. Фёдара Ратненскага (сына вял. кн. ВКЛ Альгерда) паміж яго сынамі Сангушкам (родапачынальнік кн. роду Сангушкаў) і Раманам (родапачынальнік кн. роду Кобрынскіх). На працягу 15 ст. самастойная адм.-тэр. і судовая акруга ў складзе ВКЛ. Падзялялася на Кобрынскую і Прушанскую (Пружанскую) воласці. У пач. 16 ст. ў сувязі са згасаннем роду Кобрынскіх княства скасавана, а яго тэрыторыю Жыгімонт I Стары ў 1519 у якасці староства перадаў у пажыццёвае валоданне маршалку ВКЛ В.​Косцевічу (мужу Г.​С.​Кобрынскай). Пасля яго смерці ў 1532 староства ў якасці павета далучана да Падляшскага ваяв., у 1566 увайшло ў Берасцейскі павет.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)